Новыя беларускамоўныя выданні на Пляцоўцы сямейнай адукацыі "У караля Мацюся"
Беларускамоўная палічка папоўнілася шэрагам кніг ад выдавецтва "Gutenberg Publisher", якое перадало нам цудоўную калекцыю дзіцячай літаратуры. Цяпер у Музеі POLIN можна пачытаць такія творы, як "Хто жыве ў гаражы", "Стукі-грукі — што за гукі", "Як завесці дыназаўра" і "Заяц і Мядзведзь едуць да бабулі" Андрэя Скурко, "Вера — дачка флібусцьера" Валянціна Вяркеева, "Д'ябал з сёмага класа" Карнэля Макушыньскага і "Казкі гарадскога парку" Аляксандра Ждановіча.
Акрамя таго, выдавецтва "Янушкевіч" прэзентавала чароўную кнігу "Снежная фея" Юліі Верамей, а ад нашых чытачоў мы атрымалі ў падарунак гісторыю Юі Вісландэр "Мама Му чытае". Запрашаем вас наведаць нашу пляцоўку, каб пабавіць час з дзецьмі і разам пачытаць кнігі на роднай мове. Новыя выданні з цудоўнымі ілюстрацыямі будуць цікавыя дзецям ва ўзросце ад 2 да 13 гадоў.
"У караля Мацюся" — гэта бяспечная прастора для сямей, якую можна бясплатна наведваць кожныя выходныя, каб маляваць, займацца музыкай ці проста гуляць з сябрамі. Прыходзьце да нас, каб праз цікавыя гісторыі і каляровыя малюнкі вывучаць беларускую мову і знаходзіць свае любімыя кнігі!