Экспазіцыя “Моц слоў. Пра яўрэйскія мовы”

Экспазіцыя “Моц слоў” прысвечана яўрэйскім мовам, сярод якіх асаблівае месца займае іўрыт – старажытная мова, мова малітвы і мова сучаснасці. Разам з іншымі мовамі, якімі карысталіся яўрэі і яўрэйкі ў розных частках свету, такімі як ідыш, ладзіна, іуда-арабская, яна стала падмуркам для развіцця яўрэйскай культуры. Яе адметнымі рысамі з’яўляецца разнастайнасць, адкрытасць да перамен, а таксама трываласць традыцыі і здольнасць да выжывання і адраджэння. 
Запрашаем на выставу, каб глядзець, слухаць і пісаць – адным словам, занурыцца ў свет літар, якія ствараюць прафесійна ўтканы арнамент. Гэта незвычайная магчымасць, каб адчуць моц мовы і культуры, што жыве ў кожным слове. 

Іўрыт – больш чым проста мова

Наш аповед мы пачынаем ля вытокаў – ад алфавіта іўрыта і старажытнай гісторыі гэтай мовы. Доўгі час яна не ўжывалася ў паўсядзённым жыцці, але працягвала жыць у малітвах, рытуалах, святых тэкстах. Дзве тысячы гадоў яна заставалася мовай духоўнасці, носьбітам традыцыі і тоеснасці.

Святасць іўрыта вынікае з глыбокай сувязі з Торай – кнігай, якая, паводле легенды, была перададзеная на гэтай мове. Пасля знішчэння Храма вывучэнне і каментаванне тэксту стала асновай пераемнасці іудаізму. Містычная традыцыя прыпісвала літарам іўрыта боскую сілу: кабалісты верылі, што менавіта гэты алфавіт быў інструментам стварэння свету. Надпісы на іўрыце знаходзіліся на шматлікіх элементах рэлігійнай прасторы, упрыгожвалі сінагогі, прадметы культу і амулеты.

На выставе мы прадставім гісторыю “адраджэння” іўрыта. У XIX і XX стагоддзях яго пачалі часцей ужываць у паўсядзённым жыцці – спачатку як мову літаратуры і прэсы, а пазней ён стаў асноўнай мовай у яўрэйскай дзяржаве, што паступова ўтваралася. 

Што ёсць яўрэйская мова? 

Сёння, калі мы ў Польшчы кажам “яўрэйская мова”, мы часцей за ўсё маем на ўвазе іўрыт альбо ідыш. Аднак насамрэч яўрэскіх моў вельмі шмат, і іх колькасць зусім не аслабляе пераемнасці культуры, а наадварот – узбагачае і ўзмацняе яе. 

У розных частках свету, куды мігравалі яўрэйкі і яўрэі, мясцовыя мовы перапляталіся з элементамі іўрыта: словамі і граматычнымі формамі, а перадусім – алфавітам іўрыта, які яны выкарыстоўвалі для запісу. Так нарадзіліся, між іншым, іуда-арабская, іуда-перская, ладзіна (іуда-іспанская), іуда-італьянская і ідыш – тыя мовы, пра якія мы распавядаем на выставе. 

У выніку яўрэйскія супольнасці былі шматмоўныя. Падчас рытуалаў яны карысталіся іўрытам, у сваёй дыяспары – паўсядзённай мовай, напрыклад, ідыш ці ладзіна, а ў практычных кантактах з асяроддзем – лакальнай мовай ці блізкай да яе. Гэта несумненна паўплывала на ўспрымальнасць і самасвядомасць яўрэйскай культуры ў моўных аспектах.

Словы і вобразы

На выставе “Моц слоў” прадстаўлены некалькі дзясяткаў арыгінальных аб’ектаў, звязаных з асобнымі раздзеламі гэтай доўгай гісторыі: вавілонская рытуальная міска з надпісамі па-арамейску (II ст. н.э.), яўрэйскія надмагільныя пліты (мацэвы) з грэчаскімі эпітафіямі (I ст. да н.э.), сефардская адмысловая тканіна, у якую загортвалі скруткі Торы (XVII ст.), багата ўпрыгожаныя надпісамі на іўрыце парахеты (XVIII ст.) – дэкаратыўныя заслоны, што закрываюць Арон ха-Кодэш (спецыяльная шафа для захоўвання Торы), шматлікія амулеты з надпісамі на іўрыце (XIX–XX ст.) і малітоўнік, аздоблены мініяцюрамі (XIV ст.). Асаблівае месца на выставе займаюць рэпрадукцыі, бо менавіта яны дазваляюць зазірнуць у свет археалагічных артэфактаў, рукапісаў і старадрукаў, а таксама пазнаёміцца з сучаснымі выявамі ў прэсе, кнігах і на плакатах.

Важную частку экспазіцыі складае сучаснае мастацтва. Сувязь слова і вобразаў, а таксама ідэя сілы слова і літар, якія на працягу стагоддзяў былі істотнымі для яўрэйскай візуальнай культуры, і сёння застаюцца актуальнымі ў творчасці яўрэйскіх мастакоў і мастачак. На выставе можна ўбачыць творы Мардэхая Ардона, Мошэ Кастэла, Монікі Краеўскай, Эвы Гордан, Хелены Чэрнэк, Марка Падвала. Таксама мы прадстаўляем дзве работы, створаныя спецыяльна для гэтай выставы: інсталяцыю Одэда Эзэра “Разбітая мова” і фільм Элі Панізоўскі Бергельсан і Анны Элены Торэс “Псеўдатэрыторыя”, які дакументуе іх аднайменны праект, паказаны на Венецыянскім біенале ў 2022 годзе.

Мова мае значэнне

Знаёмства з аповедам пра сілу яўрэйскіх моў – пра іх разнастайнасць і пераемнасць, пра прывязанасць і глыбокую павагу да алфавіту – дазваляе лепш зразумець яўрэйскі свет, у якім мова не толькі інструмент камунікацыі, але і жывая тканка памяці і тоеснасці.

Экспазіцыя з’яўляецца прасторай для ўніверсальных разважанняў пра ўзаемаўплыў моў, іх змены ў рытме міграцый, сустрэч і глабальнай культуры. Таксама гэта добрая нагода, каб звярнуць увагу на нашую моўную спадчыну і паразважаць, адкуль паходзіць наша мова, як яна развіваецца і куды можа нас прывесці.

Арганізатар выставы “Моц слоў” – Музей гісторыі польскіх яўрэяў POLIN у супрацоўніцтве з Яўрэйскім музеем у Празе.
Куратарка: доктарка Тамара Штыма


 

Экспазіцыя “Моц слоў. Пра яўрэйскія мовы”

21.11.2025 - 08.06.2026