Выстава "1945. Не канец, не пачатак"

У 80-ую гадавіну заканчэння Другой сусветнай вайны мы прадставім выставу пра людзей, якія на руінах старога свету спрабавалі пабудаваць сваё жыццё нанова. Пазбаўленыя амаль усяго – блізкіх, супольнасці, дома, яны стаялі перад драматычным выбарам: застацца ці з'ехаць? Іх было мала, бо дзевяноста адсоткаў польскіх яўрэяў і яўрэек загінула падчас Халакоста. На выставе “1945. Не канец, не пачатак” мы ўбачым пасляваенную рэчаіснасць вачыма тых, хто выжыў.

  • 7 сакавіка – 15 верасня 2025 

Канец ці пачатак?

У грамадскай свядомасці Другая Сусветная вайна скончылася ў 1945 годзе. Здавалася б, гэта павінен быць час эйфарыі, аднак для яўрэяў і яўрэек, якія змагаюцца са стратай і адзінотай, – гэта, перш за ўсё, момант прыняцця рашэння. Што рабіць далей?

Індывідуальныя гісторыі

Аб дылемах і жыццёвых шляхах польскіх яўрэяў і яўрэек пасля вайны мы раскажам на выставе, дзе будзем сачыць за лёсамі абраных герояў і гераінь. У асобных біяграфіях мы знойдзем стратэгіі выжывання ў новай рэальнасці: вяртанне, эміграцыя, спробы аднавіць яўрэйскую супольнасць, палітычная актыўнасць, жыццё ва ўкрыцці. Мы даведаемся, як склалася жыццё Доры Зоберман, якая страціла блізкіх яшчэ да заканчэння вайны; як перажыў выпрабаванні падлетак Пінхас Бурштын, якога знайшлі пасля вызвалення Аўшвіц сярод загінулых у яме з вапнай; як выглядала вяртанне сям'і Пертманаў у краіну з СССР. 

Хто мне адчыніць дзверы?

Як адчувалі сябе людзі, якія вярталіся пасля траўматычнага досведу ў свае мясцовасці і бачылі, што іх дамы ўжо даўно занялі, рэчы забралі, а сляды супольнасці зусім зніклі? На вулічных брукаванках яны пазнавалі мацэвы – яўрэйскія надмагільныя камяні, а ў паўсядзённых прадметах – перапрацаваныя фрагменты скруткаў Торы. Польскія суседзі сустракалі яўрэяў і яўрэек з абыякавасцю, варожасцю, часта з агрэсіяй. Нягледзячы ні на што яны заставаліся. Верылі, што іх будучыня ў Польшчы яшчэ не вырашаная, і адчайна рабілі спробы аднавіць сваю супольнасць.

На выставе “1945. Не канец, не пачатак” мы таксама даведаемся пра лёсы тых, хто з'ехаў. Такое рашэнне прыняла пераважная большасць. У 1944-1946 гадах Польшчу пакінула больш за 200 тысяч яўрэяў і яўрэек. Яны не хацелі жыць на могілках, не вытрымалі пачуцця адзіноты і небяспекі, звязаных з распаўсюджаным пасля вайны антысемітызмам.

Складаную праўду пра рэальнасць польскіх яўрэяў і яўрэек пасля 1945 года будзе адлюстроўваць іканаграфія, якую мы пакажам на выставе: фотаздымкі, дакументы, лісты, улёткі, асабістыя рэчы. Знаёмства з матэрыяламі выставы дазволіць зразумець пачуцці і думкі нашых герояў – усведамленне нявызначанасці, пустэчы, пагрозы.
 

Іншая перспектыва

Сустрэча з асабістымі сведчаннямі людзей, якія перажылі Халакост, – гэта нялёгкі вопыт і складаны ўрок гісторыі. На выставе мы сутыкнёмся з тым, што да гэтага часу заставалася змоўчаным, заставалася ўзбоч вялікіх наратываў – з яўрэйскай перспектывай канца вайны.

Давайце паслухаем гэты голас, і, верагодна, мы зможам адказаць на пытанні: што змянілася б, калі б усе эмігравалі? Як бы выглядала Польшча, калі б яўрэі засталіся?
 

Аўтары і аўтаркі канцэпцыі выставы:

Анна Бікант – рэпарцёрка, атрымала адукацыю псіхолага. Пасля ўвядзення ваеннага становішча працавала ў “Tygodnik Mazowsze”, часопісе падпольнай “Салідарнасці” (1982-1989); у 1989 годзе яна стала сузаснавальніцай газеты “Gazeta Wyborcza”. Аўтарка кніг “My z Jedwabnego” (2004, гістарычная прэмія часопіса “Polityka”, Еўрапейская кніжная прэмія, Нацыянальная яўрэйская кніжная прэмія за кнігу на тэму Халакоста), “Sendlerowa. W ukryciu” (2017), “Cena. W poszukiwaniu żydowskich dzieci po wojnie” (2022), “Nigdy nie byłaś Żydówką. Sześć opowieści o dziewczynkach w ukryciu” (2023), сааўтарка біяграфіі Віславы Шымборскай і Яцэка Куроня. У 2017 годзе яна атрымала ганаровую доктарскую ступень Гётэборгскага ўніверсітэта. Яе апошняя кніга “Nie koniec, nie początek. Powojenne wybory polskich Żydów”, якую апублікавалі ў выдавецтве “Czarne” і Музеі POLIN, з’явіцца на паліцах крамаў разам з адкрыццём часовай выставы ў сакавіку 2025 года.

Доктар Каміль Кіек – асістэнт-прафесар, намеснік дырэктара па фінансавых пытаннях кафедры Іудаікі ім.Тадэвуша Таўбэ, Уроцлаўскі ўніверсітэт. Яго прафесійныя інтарэсы сканцэнтраваны вакол гісторыі яўрэяў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы ў дзевятнаццатым і дваццатым стагоддзях; праблемаў развіцця яўрэйскай гісторыі ва Усходняй Еўропе ў дваццатым стагоддзі, адносін паміж усходнееўрапейскай яўрэйскай суполкай і іншымі цэнтрамі яўрэйскага свету, сацыяльных і культурных тэорый, іх выкарыстання ў гістарычных даследаваннях. Выдаваў у Польшчы і за мяжой кнігі па гісторыі яўрэяў у міжваеннай Польшчы і ў першыя гады пасля Халакоста. У 2018 годзе ён атрымаў першую ўзнагароду у конкурсе на лепшую навуковую публікацыю на тэму “Jews and Liberal Regimes in Eastern Europe after 1917”, прысуджаную цэнтрам імя Леаніда Неўзліна Яўрэйскага ўніверсітэта ў Іерусаліме за кнігу “Dzieci modernizmu. Świadomość i socjalizacja polityczna młodzieży żydowskiej w Polsce międzywojennej”. На дадзены момант ён рыхтуе кнігу “Ostatni polskie sztetl? Żydowska społeczność Dzierżoniowa, zimna wojna, komunizm i świat żydowski (1945–1950)”.

Куратаркі выставы:

Зузана Шнэпф-Колач – намесніца дырэктара па каардынацыі праграмаў Яўрэйскага гістарычнага інстытута імя Эмануэля Рынгельблюма, куратарка выставы “Wokół nas morze ognia. Losy żydowskich cywilów podczas powstania w getcie warszawskim” і са-куратарка галерэі “Zagłada” пастаяннай выставы ў Музеі гісторыі польскіх яўрэяў POLIN, віцэ-консулка ў Генеральным консульстве Польшчы ў Мілане. Аўтарка выставаў і артыкулаў на тэму яўрэяў у часы Халакоста.

Зузана Бэнэш-Голдфінгер – культурны антраполаг і гісторык мастацтва, куратарка выставаў па гісторыі і мастацтве польскіх яўрэяў. Супрацоўнічае з Музеем гісторыі польскіх яўрэяў POLIN (2010–2016), Музеем Zachęta, Нацыянальнай мастацкай галерэяй (2013–2015) і Яўрэйскім гістарычным інстытутам імя Эмануэля Рынгельблюма (2017–), дзе з 2022 г. узначальвае кафедру выяўленчага мастацтва. Займаецца аховай музейнай калекцыі і арганізацыяй выстаў.

Доктар Юстына Маеўска – культуролаг, сацыёлаг і куратарка. Яна працуе ў навуковым аддзеле Яўрэйскага гістарычнага інстытута (ŻIH), а таксама з'яўляецца членам Цэнтра даследаванняў Халакоста яўрэяў. Кіруе сакратарыятам часопіса “Zagłada Żydów. Studia i materiały”. Аўтарка манаграфіі “Mury i szczeliny. Przestrzenie getta warszawskiego” (2024), рэдактарка біяграфічных арыгінальных матэрыялаў: “Archiwum Ringelbluma, tom 15: Wrzesień 1939”, “Listy płocki, Listy kaliskie” (разам з Т. Эпштэйнам, А. Банькоўскай, 2014), “Chaim Aron Kapłan, Dziennik 1940, cz. 1. Megila życia” (разам з Б. Гурэцкай, 2020), “Nic nie potrzebujemy. Tylko przetrwać ten czas. Relacje Żydów ukrywających się w okupowanej Polsce” (2022). Стыпендыстка EHRI і Венскага інстытута Візенталя даследаванняў Халакоста. Працавала ў куратарскім калектыве, які рыхтаваў пастаянную выставу Музея гісторыі польскіх яўрэяў POLIN. На дадзены момант яна супрацоўнічае з Мемарыяльным музеем Халакоста ЗША ў Вашынгтоне ў межах праекту “Holocaust Justice Project”.